Вандроўка ў мінулае "А хіба ёсць, што забываюць?"

17.06.2021

Столькі ў чалавеку чалавека, колькі ў ім памяці... Гэтыя словы, як ніякія іншыя, падыходзяць да людской памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. І калі мы, тыя, хто не бачыў на свае вочы ўсіх жахаў ваеннага ліхалецця, хто не перажыў жудасныя моманты 1941-1945 гадоў, не будзем памятаць і перадаваць гэтую памяць падрастаючаму пакаленню, страшныя ўрокі гісторыі могуць паўтарыцца. Заастравецкая бібліятэка ўдзяляе шмат увагі патрыятычнаму выхаванню дзяцей і падлеткаў. Чарговая вандроўка ў мінулае "А хіба ёсць, што забываюць?" адбылася для рабят аздараўленчага лагера "Вясёлая планета". Пазнаёміўшыся з даведачнай літаратурай і матэрыяламі, якія адносяцца да перыяду ВАВ і знаходзяцца ў бібліятэцы, рабяты наведалі помнік ахвярам фашызму, які знаходзіцца на месцы, дзе ў 1941 годзе былі расстраляны больш за 100 жыхароў вёскі Заастравечча яўрэйскай нацыянальнасці, затым спыніліся ля брацкай магілы. Праслухаўшы аповед пра падзеі ВАВ на тэрыторыі нашага сельскага Савета, дзеці ўсклалі кветкі да помнікаў, а Федасееў Лёва, апантаны сустрэчай, прачытаў верш Петруся Броўкі. Памятайце, людзі, памятайце і нясіце гэту памяць у сваім сэрцы!