Літаратурны музей Максіма Багдановіча

22.12.2021
22.12.2021 навучэнцы V-VII класаў наведалі адзін з самых прыгожых музеяў беларускай сталіцы – літаратурны музей Максіма Багдановіча. У цэлым экспазіцыя музея асацыятыўная: праз сімвалізм экспанатаў з дапамогай складаных мастацкіх рашэнняў узноўлены духоўны свет паэта-лірыка. Самі залы музея размешчаны па крузе, якія сімвалізуюць вянок (“Вянок” – назва адзінага зборніка вершаў Багдановіча, выдадзенага пры яго жыцці, у 1913 годзе). У музейнай экспазіцыі не так ужо шмат мемарыяльных прадметаў. Сярод іх – асабістыя рэчы бацькі паэта этнографа Адама Багдановіча, лісты Максіма да маці, кнігі, фатаграфіі, рукапісы вершаў, некалькі аўтографаў і цацачны мядзведзь, падораны Багдановічам сваёй пляменніцы. У музеі прадстаўлены матэрыялы, якія расказваюць пра дэбют Багдановіча ў газеце «Наша нiва» ў 1907 годзе і пра ракуцёўшчынскі перыяд творчасці, калі быў створаны цыкл вершаў «Старая Беларусь» (адзін з вершаў гэтага цыкла, «Слуцкія ткачыхі», вядома кожнаму беларусу).