Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Упраўленне па адукацыі, спорце і турызме Клецкага раённага выканаўчага камітэта
Дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Заастравецкая сярэдняя школа Клецкага раёна”
Па выніках абласнога этапу III Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу даследчых праектаў навучэнцаў "Нашчадкі традыцый" пераможцамі сталі:
Намінацыя "Музычная спадчына маёй Радзімы"
Вікторыя Мароз, Анастасія Нупрэйчык, Анастасія Слонім, Вікторыя Слонім, Таццяна Швайко, Аляксандра Чаркас – дыплом І ступені (праект "Вобраз маці ў вясельных песнях у в. Колкі Клецкага раёна", педагогі – Курловіч Марыя Вячаславаўна, Васілеўская Іна Мікалаеўна, Дрозд Ірына Канстанцінаўна).
Школьныя традыцыі з'яўляюцца тым звяном, якое аб'ядноўвае настаўнікаў, вучняў, выпускнікоў і бацькоў. У любой дзяржаве ёсць свае традыцыі, якія складаліся стагоддзямі і тысячагоддзямі. Школа - гэта таксама дзяржава, той маленькі свет, у якім нашы вучні пражываюць цэлых 11 гадоў, і традыцыі школы для іх - гэта калі кожны знайшоў сабе справу па душы, адчуў адказнасць за яго вынікі, пачуццё поспеху і ўпэўненасць у сабе, рэалізаваў сябе як індывідуальнасць. Іх дабратворны ўплыў мы адчуваем і ў святы, і ў паўсядзённым школьным жыцці. Жыццё нашай школы насычана цікавымі святамі і мерапрыемствамі, сярод якіх большасць стала традыцыйнымі.
Кожны навучальны год сустракае школа сваіх вучняў каля школьнага парога. Разнастайна, але заўседы аднолькава хвалююча праходзіць у нашай школе Дзень ведаў.
Цэлы вераснеўскі месяц рыхтуецца вялікае свята – Дзень настаўніка. Менавіта ў гэты дзень па-асабліваму адчуваюць сябе настаўнікі. Усведамляючы важнасць і стваральнасць сваей працы.
Добрай традыцыяй школы стала штогод праводзіць канцэрт да Дня маці. 14 кастрычніка, у праваслаўнае свята Пакровы Святой Багародзіцы, па-дзіцячаму шчыра і ўрачыста гучаць словы любові і пяшчоты да сваіх мамаў.
Зіма – гэта цэлы калейдаскоп традыцыйных школьных святаў.
Штогод у першую суботу лютага школа расхінае свае дзверы для тых, хто некалі тут вучыўся. Гэта тая павуцінка часу, якая звязвае мінулае, цяперашняе і будучае. Простыя і шчырыя радкі прысвяціў сваей роднай школе яе выпускнік 1966 года, журналіст Вадзім Мікалаеў: “І сапраўды, для многіх пакаленняў выпускнікоў наша Заастравецкая сярэдняя школа была, ёсць і застаецца адным з самых лепшых і ўтульных месцаў на Зямлі, дзе заўсёды ў пашане імкненне і прага да ведаў, да творчай самарэалізацыі, эрудыцыя, працавітасць і высокія маральныя якасці асобы”.
Месяц май мы прысвячаем клопату аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Вахта памяці стала добрай традыцыяй у нашай школе. 9 Мая—Дзень, калі мы можам аддаць даніну памяці загінуўшым. У гэты дзень з году ў год праводзіцца мітынг на брацкай магіле, ушаноўваюцца ветэраны ВАв. Нашы вучні традыцыйна даглядаюць за месцамі воінскіх пахаванняў, мемарыяльнымі комплексамі і іншымі месцамі баявой і вайсковай славы. Добраўпарадкаванне помнікаў, воінскіх пахаванняў - гэта даніна мужнасці і стойкасці пакаленням, якія прайшлі вайну. Гэта клопат пра будучыню нашай радзімы, маладое пакаленне павінна ведаць гісторыю і шанаваць памяць продкаў, памятаць, якой цаной дасягнута Перамога.
«Апошні званок». Мы прывыклі рэгуляваць школьнае жыццё па званках. Менавіта званок вызначае пачатак і канец урока, ён становіцца мяжой паміж двума этапамі лёсу - заканчэннем вучобы і пачаткам новага, яшчэ не вядомага, дарослага жыцця.
Традыцыі школы захоўваюць вечнае каштоўнае: пераемнасць пакаленняў, любоў і павага да гісторыі роднай школы, імкненне памнажаць яе славу... Менавіта тая школа, якая імкнецца стварыць для сябе добрае імя і праз традыцыі зберагчы гэтае добрае імя, мае будучыню.
згарнуць