Урок памяці "Нам гэты свет завешчана берагчы"

05.05.2022
Спрадвеку самым жахлівым на зям­лі была вайна. Вясною ці ўвосень, зімою ці ўлетку, доўгая ці кароткая, вайна - гэта разбурэнне і смерць. За стагоддзі, што сплылі ў нябыт, ваеннае ліха шмат разоў праносілася над нашай Бацькаўшчынай. Але са­мым жахлівым было тое, што абрынулася на нас летам 1941 года. 22 чэрвеня, на досвітку, па ўсёй мяжы былой савецкай дзяржавы ўзвіхурылася злавеснае полымя смерці. Самае крывавае і бязлітаснае ў гісторыі XX стагоддзя. Ніхто і ніколі не зможа дакладна падлічыць, колькі беларусаў палегла ў снягах пад Масквой, на прадзьмутых марознымі вятрамі прыволжскіх разлогах і вуліцах Сталінграда, на выпаленых сонцам палях пад Курскам, на ваенных дарогах і ў шматлікіх лагерах смерці. На алтар агульнай Перамогі беларускі народ паклаў жыццё кожнага трэцяга свайго жыхара. Пра жудасныя дні ваеннага ліхалецця, пра гераізм і стойкасць усяго савецкага народа, пра пісьменнікаў і іх кнігі, якія свята берагуць памяць пра вайну, гаварылася на ўроку памяці "Нам гэты свет завешчана берагчы", на які была запрошана загадчык Заастравецкай бібліятэкі.